назад

274-я гадавіна з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі ў Мінску

05.02.2020

Відэазвароты міністра замежных спраў Польшчы Яцэка Чапутовіча і дзяржсакратара ЗША Майка Пампеа прагучалі ў аўторак, 4 лютага, падчас урачыстага прыёму з нагоды 274-й гадавіны з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі. У мерапрыемстве, арганізаваным пасольствамі Польшчы і ЗША, прынялі таксама ўдзел кіраўнікі МЗС Беларусі і Літвы.

274-я гадавіна з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі ў Мінску

„Мы ўзгадваем яго, таму што адчуваем сябе спадкаемцамі яго спадчыны: і палякі, і амерыканцы, і беларусы, і ўсе нашчадкі шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай”, – сказаў у спецыяльна падрыхтаваным відэазвароце міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч. „Польшча, якая з’яўляецца неад’емнай часткай еўрапейскай супольнасці свабодных народаў, імкнецца будаваць блізкія адносіны са сваімі ўсходнімі суседзямі”, – падкрэсліў міністр. „Іх клопат пра развіццё і ўмацаванне сваёй суверэннай і незалежнай дзяржавы нам добра зразумелы і блізкі”, – дадаў кіраўнік МЗС.

Згадваючы постаць Касцюшкі, Чапутовіч падкрэсліў, што ён апярэдзіў сваю эпоху, быў „сімвалам сучаснага разумення патрыятызму, спалучанага з барацьбой за грамадскую свабоду і дэмакратызацыю адносін унутры дзяржаў, а таксама паміж дзяржавамі”.

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей падкрэсліў, што імя Касцюшкі, які нарадзіўся ў 1746 г. на тэрыторыі сучаснай Беларусі, вельмі важны для Беларусі, Польшчы, ЗША і Літвы. Яго заслугі былі ацэнены яшчэ пры жыцці – ён быў, між іншым, узнагароджаны ордэнам Virtuti Militari і амерыканскімі медалямі, а прэзідэнт ЗША Томас Джэферсан назваў яго „самым чыстым сынам свабоды, якога ён сустракаў”. „Шлях Беларусі да суверэнітэту, як і Літвы, Польшчы і ЗША, быў доўгі і складаны”, – падкрэсліў Макей. Гаворачы пра адносіны з іншымі краінамі, міністр запэўніў, што Беларусь абапіраецца „на ўзаемны намер ісці наперад”.

Прысутны на мерапрыемстве міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус падкрэсліў, што постаць Касцюшкі аб’ядноўвае чатыры краіны, а яго дэвіз „за нашу і вашу свабоду” стаў важным сімвалам. „Памятаючы гісторыю яго жыцця, мы павінны таксама памятаць пра каштоўнасці, якімі ён кіраваўся. А таксама пра тое, што свабода не даецца дарма, за яе трэбы змагацца і абараняць яе”, – сказаў Лінкявічус.

Кароткі відэазварот да ўдзельнікаў прыёму падрыхтаваў і дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа, які назваў Касцюшку „змагаром за незалежнасць” і падкрэсліў, што Касцюшка прымаў удзел у амерыканскай вайне за незалежнасць, быў адным з заснавальнікаў вайсковай акадэміі Вест- Пойнт. „Усе тры нашы народы могуць з гонарам адзначыць яго ўнёсак у нашу свабоду”, – сказаў Пампеа.

На мерапрыемстве прасутнічалі прадстаўнікі беларускіх улад, інтэлігенцыі, незалежных колаў, дзеячы культуры і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса. З нагоды 274-й гадавіны з дня нараджэння кіраўніка паўстання 1794 г. для гасцей быў падрыхтаваны вялікі святочны торт.

Напярэдадні пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі ўсклаў кветкі ў Мерачоўшчыне (Брэсцкая вобласць), дзе нарадзіўся Касцюшка і дзе знаходзіцца колішні адрамантаваны дом Касцюшкі і прысвечаны яму музей.

Відэа

{"register":{"columns":[]}}