In order to ensure the highest quality of our services, we use small files called cookies. When using our website, the cookie files are downloaded onto your device. You can change the settings of your browser at any time. In addition, your use of our website is tantamount to your consent to the processing of your personal data provided by electronic means.
назад

Вольга Такарчук – лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

10.10.2019

Вольга Такарчук – польская пісьменніца і актывістка – узнагароджана Нобелеўскай прэміяй па літаратуры „за ўяўленне, якое з энцыклапедычным запалам прадстаўляе перасячэнне межаў як форму жыцця ”.

Ольга Токарчук

– Шчыра віншую Вольгу Такарчук – бясспрэчнага пасла польскай культуры, – сказаў міністр замежных спраў Яцэк Чапутовіч.

Вольга Такарчук нарадзілася 29 студзеня 1962 г. у Суляхове каля Зялёнай Гуры ў сям’і настаўнікаў. Яе бацька працаваў таксама ў школьнай бібліятэцы, дзе яшчэ дзіцём Вольга Такарчук зацікавілася літаратурай. Яна скончыла факультэт псіхалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Пасля вучобы пераехала ў Варшаву, а пазней – у Валбжых, дзе працавала псіхатэрапеўтам. З 1998 г. польская пісьменніца жыве ў невялічкай вёсцы Краянаў каля Новай Руды.

Такарчук – ўтар 17 кніг – раманаў, зборнікаў апавяданняў, эсэ і кінасцэнарыяў. У 1993 г. апублікавала свой першы раман „Падарожжа людзей кнігі”. Кніга была добра ўспрынята ў Польшчы і адзначана ўзнагародай за лепшы дэбют. Сапраўдны поспех прынесла трэцяя кніга „Правек ды іншыя часы”, выдадзеная ў 1996 г. Сямейная сага разгортваецца ў міфічнай вёсцы Правек у самым сэрцы Польшчы, якую ахоўваюць чатыры архангелы. Кніга была перакладзена на цэлы шэраг моў, а Такарчук здабыла міжнародную славу.

Наступны твор „Дом дзённы, дом начны” (1998) уяўляе сабой перапляценне апавяданняў і вобразаў, якія паказваюць рэгіён, сфарміраваны мноствам культур, індывідуальных лёсаў і перспектыў. Натхнёная картамі і знешняй перспектывай, пісьменніца выдала ў 2007 г. кнігу „Бегуны”. За гэты твор у 2018 г. яна атрымала Міжнародную Букераўскую прэмію.

У 2009 г. Вольга Такарчук выдала раман „Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых”, напісаны ў духу дэтэктыва. Кніга лягла ў аснову фільма „След звера” (польск. „Pokot”) рэжысёра Агнешкі Холанд. А сам раман „Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых” увайшоў у шорт-ліст кніг, намінаваных на Міжнародную Букераўскую прэмію-2019.

Magnum opus Такарчук – гэта манументальны гістарычны раман „Кнігі Якава” 2014 г., які расказвае гісторыю Якава Франка – габрэя, які ў XVIII ст. у якасці духоўнага лідара абарачаў сваіх землякоў у каталіцтва.

Зараз Вольга Такарчук – адна з самых вядомых і камерцыйна паспяховых польскіх пісьменніц. Лаўрэат шматлікіх прэмій, у тым ліку прэміі Польскага таварыства кніжных выдаўцоў, Фонду імя Касцельскіх, Міжнароднай літаратурнай прэміі Kulturhuset Stadsteatern у Стакгольме. Двойчы – у 2008 і 2015 – стала лаўраэтам Літаратурнай прэміі “Ніка”, атрымала пяць прэмій “Ніка чытачоў”. У 2019 г. „Кнігі Якава” ў перакладзе Марылі Ларан атрымалі ўзнагароду Prix Laure Bataillon Award за лепшую кнігу замежнага аўтара, перакладзеную на французскую мову.

10 кастрычніка 2019 г. Вольга Такарчук далучылася да пантэона польскіх лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па літаратуры: Генрыка Сянкевіча, Уладзіслава Рэйманта, Ісаака Башэвіса Зінгера, Чэслава Мілаша і Віславы Шымборскай.

{"register":{"columns":[]}}